МАРСІ́ЛІЙ ПАДУА́НСКІ [Marsilius Paduanis; сапр. Марсіліо дэі Майнардзіні (Mainardini); каля 1275, г. Падуя, Італія — 1342 ці 1343],

італьянскі паліт. філосаф. Вывучаў медыцыну, філасофію, тэалогію ва ун-тах Падуі і Парыжа. У 1313 рэктар Парыжскага ун-та. Аўтар трактата «Defensor pacis» («Абаронца міру», 1324, апубл. 1522), у якім адным з першых у сярэднявеччы прапанаваў ідэю ўзнікнення дзяржавы ў выніку грамадскага дагавора. За некаторыя тэзісы трактата абвешчаны ератыком і ў 1327 адлучаны ад царквы. Найлепшай формай дзяржавы лічыў саслоўную манархію з раздзелам заканад. і выканаўчай улад, аб чым пісаў у «Tractatus de iurisdictione imperatoris» («Трактат аб юрысдыкцыі імператара», 1342). Выступаў супраць дамаганняў папства на свецкую ўладу, падтрымліваў герм. імператара Людовіка IV Баварскага (быў яго саветнікам) у барацьбе з рым. папам Іаанам XXII.

т. 10, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)